Новомученики БПЦ

Свяшчэннапакутнік Дзiмiтрый Плышэўскі

Свята Богаяўлення і наступны дзень – Сабор святога Іаана Хрысціцеля прысвечаны раскрыццю багаслоўскага значэння гэтай выключнай падзеі Евангельскай гісторыі і ўсяго нашага Збаўлення. Таму багаслужбовыя ўказанні адмяняюць святкаванне тых святых, памяць якіх прыходзіцца на гэтыя дні. Так, у дзень Богаяўлення адыйшоў у вечнае жыццё свяціцель Феафан Затворнік, але багаслужбовае ўшанаванне яму Царква дае 23 студзеня. Смерць чалавека, праведнага ў сваім жыцці, - яго народзіны ў вечнасць. Свяціцель Феафан не толькі жыў, выконваючы евангельскія запаведзі, але і яшчэ аставіў пасля сябе шматлікую скарбніцу духоўных твораў, якімі мы карыстаемся да сённяшняга часу.

Навошта было патрэбна хрышчэнне бязгрэшнаму Хрысту? Царква дае адказ: “Ісус, начальнік жыцця, прыходзіць пазбавіць асуджэння Адама першароднага, і як Бог, не маючы патрэбы ў ачышчэнні, дзеля заняпалага абмываецца ў Іардане, у якім, забіўшы варожасць, праўзыходзячы ўсякі розум свет даруе”. І не толькі Адама, але і нас, ягоных нашчадкаў, Гасподзь у нашым хрышчэнні ачышчае ад улады граху і дае магчымасць жыць новым жыццём. Той жа свяціцель Феафан кажа: “І нашае хрышчэнне нас ратуе і служыць раздзяляльнай сцяною між цёмнаю сатанінскаю вобласцю граху і міру і светласці жыцця ў Хрысце. Ахрышчаны адразае сябе ад усіх надзей і апор зямных і жыве ў веку гэтым, як бы ў пустыні, ні з чым не звязаны. Сэрца яго няма на зямлі, яно ўсё ў будучым вецы. Усё тутэйшае тычыцца яго між іншым, “так што тыя, хто мае жонку, павінны жыць, як тыя, хто не мае; і хто купляе – як тыя, хто не набывае; і хто карыстаецца светам гэтым – як тыя, хто не карыстаецца; бо мінае аблічча свету гэтага” (1Кар.7:29–31). Якія мы шчаслівыя, што маем магчымасць свабодна чытаць Слова Божае, духоўныя творы святых айцоў, апісанне іх жыцця і подзвігаў, каб «пераймаць іх веру” (Яўр. 10, 7)! І так цяжка паверыць, што яшчэ зусім нядаўна за чытанне жыцій сятых можна было атрымаць турэмнае заключэнне, а то і смерць. Аб гэтым нам распавядае жыцце беларускага свяшчэнніка Дзімітрыя Плышэўскага.

Дзімітрый нарадзіўся ў цяперашнім Столінскім раёне ў сяле Дубянец, дзе ў царкве Раства Багародзіцы служыў яго бацька Іаан Кірылавіч. Матуля хлопчыка, дарэчы, таксама паходзіла з духоўнага саслоўя: Ганна Федараўна Вячорка была дачкой псаломшчыка. На цяперашні час устаноўлена і дакладная дата нараджэння: 26 кастрычніка 1883 года. У 10 гадоў хлопчык паступіў у Мінскае духоўнае вучылішча, якое змог закончыць на год пазней, чым звычайна, бо адзін год вымушаны быў прапусціць вучобу з-за хваробы. У 1898 годзе ён становіцца вучням Мінскай духоўнай семінарыі. Вучоба давалася хлопцу цяжка, магчыма, зноў жа з-за стану здароўя. Нельга выключыць і асаблівае папушчэнне Божае ў гэтай акалічнасці. У цяжкасцях закаляецца воля чалавека, выпрабоўваецца яго характар і вызначаецца, ці сапраўды хоча выпрабоўца дайсці да сваёй мэты. Дзімітрый з Божай дапамогай змог пераадолець гэтыя выпрабаванні і ў 1905 годзе закончыў навучэнне ў семінарыі па другім разрадзе. Годы навучэння ў семінарыі характырызуюцца яшчэ і тым, што юнак атрымліваў двойчы ад Кірыла-Мефодзіеўскага брацтва матэрыяльную дапамогу: тужурку за дзесяць рублёў і дзве пары ботаў. Хлопец ужо ў гэты час спазнаў нястачу і вучыўся дзякаваць Богу за дапамогу ў цяжкім сттановішчы. Звяртае на сябе ўвагу і тая акалічнасць, што, пачынаючы з 3-га курса семінарыі, Дзімітрый вучыцца ў адным класе з Васілём Ізмайлавым, які таксама быў праслаўлены у ліку новых мучанікаў за веру Хрыстову.

Пасля заканчэння семінарыі ў жыцці юнака адбываюцца важныя падзеі. Па-першае, ён уступае ў шлюб з дачкой дыякана Пагост-Загародскай царквы Пінскага раёна Кіркевіч Аляксандрай Паўлаўнай. Другой лёсавызначальнай падзеяй становіцца прыняцце ім рукапалажэння ў свяшчэннікі. Першым прыходам маладога святара стала Свята-Пакроўская царква сяла Астражанка цяперашняга Лельчыцкага раёна. Да нашага часу будынак царквы не захаваўся.

Падчас свайго служэння ў Астражанцы адбылася значная духоўная падзея ў жыцці малодога бацюшкі. У 1907 годзе адбылося прынясенне часціцы мошчаў свяшчэннамучанiка Макарыя, мітрапаліта Кіеўскага, які быў забіты татарамі ў 1497 годзе каля Скрыгалава. Мошчы прывёз з Кіева таксама будучы свяшчэннамучанік Іаан Пашын (на той час ён быў яшчэ свяшчэннікам). Айцец Дзімітрый нёс ікону свяціцеля с ягонымі мошчамі. Мы ніколі не пазнаем духоўных пачуццяў бацюшкі, але можам сабе ўявіць, што ўдзел у крэсным ходзе, нясенне святыні і ўвогуле ўсе набажэнствы аставілі глыбокі след у душы свяшчэнніка. Ці не гэтыя падзеі і духоўныя перажыванні ў час выпрабаванняў умацавалі яго душу да подзвігу мучаніка? У Бога не бывае выпадковых падзей.

У 1908 годзе а. Дзімітрый назначаецца настаяцелем царквы святого вялікапакутніка Георгія Пераможцы. У тыя часы гэтае сяло адносілася да Мозырскага павета, а зараз тэрытаярыяльна гэта вёска ў Столінскім раёне. Тут святар служыць да 1918 года. За гэты час бацюшка актыўна ўдзельнічаў у жыцці палесскага краю: ён уваходзіў у будавальны камітэт благачыння, быў дэпутатам у акружным з'ездзе вучылічшчаў і нават сам стаў благачынным 3 акругі Мозырскага павета. Падчас Пасхі 1917 года а. Дзімітрый быў узнагароджаны набедранікам.

Пасля 1918 года служэнне святара адбываецаа ўжо ў сяле Ўзляны Ігуменскага павета. Нажаль, мы не ведаем, чаму адбыўся перавод свяшчэнніка на гэты прыход. У 1930 годзе адбыўся першы арышт. У турму святар папаў за невыплату падатку. Улады накладвалі на царкоўныя прыходы такія вялікія падаткі, каб мець прычыну арыштаваць свяшчэнніка і найбольш актыўных прыхаджан і зачыніць царкву. Захаваліся ўспаміны Вольгі Дзянісавай аб гэтым арышце святара: «Прыйшлі прадстаўнікі ўлады і забралі ўсё хоць трохі каштоўнае ў доме і храме. Калі яны пачалі абтрэсваць сад, айцец Дзімітрый стаў маліцца за тых, хто прыйшоў, прыгаворваючы пры гэтым: “Даруй ім, Госпадзі, бо не ведаюць, што твораць”. На гэта тыя, што тварылі беззаконне, сказалі, каб ён маліўся не за іх, яны не вераць у Бога, а за тое, каб ім лягчэй было абтрасаць дрэвы. Айцец Дзімітрый выканаў іх пажаданне і адбыўся… цуд. Яблыкі і грушы самі пасыпаліся з дрэў на зямлю”. Некалькі тыдняў а. Дзімітрый правеў за кратамі. Ён выйшаў з турмы з адзіным зубам – усе астатнія былі выбіты падчас пабояў і допыту. Каты хацелі, каб святар зняў свой крыж, адрокся ад служэння свяшчэнніка. Ды а. Дзімітрый вытрымаў усё і застаўся верным Богу. Царкву ў Узлянах усё ж зачынілі.

Наступным месцам служэння бацюшкі стаў Смалявіцкі храм святого Мікалая, дзе ён быў другім свяшчэннікам. Дарэчы, настаяцелем Смалявіцкага храма быў яшчэ адзін новапакутнік – а. Уладзір Зубковіч. Засталіся ўспаміны, што нягледзячы на страшны час ганенняў і расправы над Божымі служыцелямі, а. Дзімітрый з вялікай самааддачай выконваў свае пастырскія абавязкі. Ён ніколі не знімаў падрасніка, сярод самых блізкіх людзей выказваў намер лепш памерці, чым адрачыся ад Бога і служэння свяшчэнніка. Святар вельмі клапаціўся пра лёс сваіх чатырох дачок і жонкі. Увогуле ён змог з дзяцінства прывучыць іх да працы: дзяўчынкі самі ўмелі шыць адзенне, ніколі не гультайнічалі. У 30-я гады амаль усе дочкі пачалі ўжо самастойнае жыццё: Лідзія працавала настаўніцай, Ніна – даяркай, Леаніла – бухгалтарам, толькі Вера яшчэ вучылася ў Мінску. Перад другім і апошнім арыштам бацюшка Дзімітрый быў асабліва засяроджаны. Ёг маліўся, каб дастойна вытрымаць надыходзячыя выпрабаванні. У гэты час ён нават выказаў прароцтва пра недалёкую будучыню. У размове са сваёй жонкай Аляксандрай ён даў апошнія ўказанні пра дачок і сказаў: «Хутка будзе крывавая вайна, вайна матораў». У верасні 1937 года яго зноў арыштавалі. Абвінавачванне складалася з нагоды прыпісаць святару ўдзел у шпіёнскай арганізацыі, якую нібыта ўзначальваў таксама арыштаваны ў гэты час епіскап Філарэт (Раменскі). А. Дзімітрый быў знаёмы з епіскапам, а следству і патрэбна было як можна больш людзей прыцягнуць да абвінавачвання. Але на самой справе асноўнай прычынай арышту стала тое, што святар даваў чытаць вернікам жыццяапісанні святых.

Акрамя айца Дзімітрыя былі арыштаваны прыхаджане Смалявіцкай царквы: Адам Сямёнавіч Паповіч (жыхар вёскі Мікалаевічы Забалоцкага сельсавета), Рыгор Францавіч Розум (жыхар вёскі Чарнікоўшчына), Радзівон Васільевіч Якубіцкі (са Смалявічаў). Усе яны ўваходзілі ў царкоўны савет, за што і былі арыштаваныя. Кожнага з іх асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі з заключэннем у канцлагеры.

Захаваліся запісы аднаго з допытаў бацюшкі ў турме: “Пытанне: Вы абвінавачваецеся ў тым, што з’яўляліся ўдзельнікам контррэвалюцыйнай паўстанцкай арганізацыі. Раскажыце следству праўду!

Адказ: У прад’яўленым мне абвінавачванні вінаватым сябе не прызнаю.

Пытанне: Следствам устаноўлена, што Вы былі завербаваны ў контррэвалюцыйную арганізацыю, яшчэ раз патрабую адкрыта расказаць пра сваю контррэвалюцыйную дзейнасць!

Адказ: Я ні ў якую контррэвалюцыйную арганізацыю завербаваны не быў і контррэвалюцыйнай дзейнасці не праводзіў.

Пытанне: Усё гэта нахабная хлусня! Вы былі завербаваныя ў контррэвалюцыйную арганізацыю епіскапам Філарэтам (Раменскім).

Адказ: Такога ніколі не было, мяне Раменскі і, наогул, ніхто ў контррэвалюцыйную арганізацыю не вербаваў”. Колькі мужнасці і цярпення патрэбна было, каб так спакойна і цвёрда адказваць на правакацыйныя пытанні! З Божай дапамогай а. Дзімітрый нікога не выдаў, не агаварыў і ні ў чым не прызнаўся. Праз два месяцы, 19 лістапада, святару быў вынесены смяротны прыгавор. Сам растрэл адбыўся на свята Богаяўлення 19 студзеня 1938 года. У годы Вялікай Айчыннай вайны праясніліся абставіны пакутніцкай смерці святара. Да матушкі айца Дзімітрыя, якая жыла ў гады акупацыі ў сваёй дачкі Леанілы ў Мінску на вуліцы Беламорскай, прыйшоў невядомы чалавек, які сказаў, што “…айца Дзімітрыя шукаць больш не трэба, яго пакаралі смерцю”, і дадаў, што пакаранне адбывалася наступным чынам: “Для яго выкапалі яму, сагналі туды шмат святароў і закапалі іх жыўцом трактарамі”. У пацверджанне сваіх слоў незнаёмец паказаў родным іерэйскі крыж айца Дзімітрыя і сышоў, пажадаўшы застацца невядомым.

У 1999 годзе а. Дзімітрый быў праслаўлены Беларускай Царквой, як мясцовашаноуны святы, а ўжо ў 2000 годзе ўвайшоў у спіс Сабору новапакутнікаў і спавядальннікаў Царквы Русскай.

Здаецца, што за правіннасць даць каму-небудзь пачытаць кнігу пра святых? У чым тут антысаветчына? Як можа прыклад святога Сергія Раданежскага ці свяціцеля Мікалая зрабіць чалавека ворагам савецкай уладзе? Уся справа ў крывавай палітыцы гэтай улады ў дачыненні веры ў Бога. Сапраўдны веруючы чалавек ніколі не пойдзе на кампраміс са сваім сумленнем, не адрачэцца ад самага святога ў сваім жыцці – пра гэта ўсі жыццяпісы пра святых, да якога б чыну яны не адносіліся. Веруючы чалавек імкнецца да Царства Божага, разумеючы, што ўсё ў нашым зямным жыцці вельмі хутка пройдзе і знікне, як міраж. Застанецца толькі ўнутраны скарб: “любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, добрасць, міласэрднасць, вера, лагоднасць, устрыманасць… Усе вы, што ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся” (Гал. 3, 27; 5, 22-23). Ці ні гэта больш за ўсё раздражняла тых, хто меў у сваёй душы помсту, жорсткасць, нянавісць? Хто сваёй уладай пачынаў сябе лічыць распарадчыкам лёсаў? Ды толькі Бог усё растаўляе па сваіх месцах. Так сёння яркай зоркай ззяе жыццёвы подзвіг новапакутніка Дзімітрыя Плышэўскага, каб мы маглі ад ягонага святла запаліць сваі ліхтарыкі веры.

Новапакутніча ойча Дзімітрые, малі Бога за нас!


Протоіярэй Сергій Рабой, старшыня Камісіі па кананізацыі Пінскай і Лунінецкай епархіі.