NOVOSTY EPARHIY

Пад такім дэвізам выступіла адна з удзельніц IV Свята-Макарыеўскіх адукацыйных чытанняў, якія адбыліся ў Палескім дзяржаўным універсітэце. У ліку многіх педагогаў – прадстаўнікоў 8-мі благачыній Пінскай епархіі, настаўніца дэманстравала ўласны вопыт выкладання курсу “Асновы праваслаўнай культуры”.

Яе меркаванне падтрымлівалі ўсе ўдзельнікі, якія дзяліліся набыткамі ў розных прафесійных сферах. На пленарным пасяджэнні выступілі галоўны ўрач Пінскай дзіцячай бальніцы, кандыдат медыцынскіх навук Мікалай Целяціцкі; загадчык кафедры Мінскай духоўнай акадэміі, кандыдат сацыялогіі і доктар багаслоўя Уладзімір Марціновіч; дырэктар СШ №12 г. Пінска, кандыдат педагагічных навук Леанід Ярашэвіч. Яны пераконвалі, што без маральных каштоўнасцей немагчыма будучыня чалавецтва. Што рабіць, каб гэта думка перавалодвала ў грамадстве? Адказ на пытанне даў выкладчык Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі, кандыдат багаслоўя протадыякан Павел Бубноў, які ў дакладзе “Школа нарадзілася ў Царкве” нагадаў аб забытых старонках гісторыі айчынных адукацыі і навукі.

На пасяджэннях дзвюх секцый выступілі амаль 30 неабыякавых прафесіяналаў! Практычную дзейнасць адлюстравала дырэктар Багданаўскай СШ Алена Аляксандраўна Ярмольчык, якая прадстаўляла Лунінецкі раён, – яна лічыць гуманізм педагога ўмовай плённасці духоўнага выхавання. Бібліятэкар Палескага універсітэта Святлана Макарэвіч пазнаёміла з духоўнай спадчынай Платона Ціхановіча, прысвяціўшы выступленне памяці Мікалая Елянеўскага – аўтара кнігі пра свяшчэнніка. З удзячнасцю за старонку лунінецкага краязнаўства ўсё ж давялося нагадаць, што першаадкрывальнікам “Лунінскай граматыкі” быў гісторык Генадзь Каханоўскі, а першым даследчыкам – пісьменнік-чэкіст Мікалай Калінковіч, які яшчэ ў 1980-ыя гг. набыў яе копію для Лунінецкага музея.

Чытанні арганізаваў кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Пінскай епархіі, кандыдат багаслоўя протаіерэй Віктар Сачкоўскі з дапамогай мясцовых універсітэта, аддзела адукацыі, спорту і турызму, гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Да ўдзельнікаў далучыліся прадстаўнікі духавенства ўсіх раёнаў, у тым ліку з Лунінецкага – памочнікі благачыннага па розных напрамках дзейнасці: іерэй Георгій Філіновіч (Свята-Крыжа-Узвіжанскі храм), доктар багаслоўя ІІ ступені протаіерэй Сергій Крышталь (храм іконы Божай Маці “Взыскание погибших”) з Лунінца, іерэй Алексій Ільючык (храм Новамучанікаў і Спаведнікаў Беларускі в. Красная Воля), кандыдат багаслоўя протаіерэй Сергій Чыж (Спаса-Прэабражэнскі храм в. Язвінкі).