Паэтычныя радкі, прагучаўшыя на завяршэнне сустрэчы, вызначылі сутнасць першай канферэнцыю вучняў па праваслаўнай тэматыцы. Раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму і Лунінецкая благачынная акруга ўпершыню правялі такі творчы конкурс.

Вучні IX-XI класаў пісьмова раскрывалі тэму: “1917-2017 гг.: Праваслаўе ў гісторыі і культуры Беларусі – вопыт стагоддзя”. На падвядзенне вынікаў 17 юных жыхароў раёна (сярод іх – і сярэднякласнікі) сабраліся за “круглым сталом” у гімназіі г. Лунінца. Яны расказвалі, чым прыцягнула тэма, што найбольш уразіла ў даследуемых матэрыялах, якія ўрокі даюць асобы і падзеі стагоддзя дзвюх Сусветных войнаў.

Безумоўна, за кожным навучэнцам стаіць настаўнік. Нашы дзеці, у сям’і засвоіўшы, “что такое хорошо и что такое плохо”, ва ўстанове адукацыі назапашваюць вопыт, “делать жизнь с кого”. Дзякуючы неабыякавым педагогам, юныя даследчыкі ўразілі цікавасцю да не вельмі асэнсаванай тэмы. Гэта адзначылі памочнікі благачыннага. Настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) іерэй Сергій Крышталь выказаў шчырую ўдзячнасць усім выкладчыкам. Настаяцель Спаса-Прэабражэнскага храма в. Язвінкі протаіерэй Сергій Чыж нагадаў, што Бог ёсць любоў, і толькі гэта пачуццё натхняе людзей на добрыя справы і ўчынкі. Сумесную справу настаўнікаў і духавенства высока ацаніла загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Людміла Мікалаеўна Ермаковіч.

Цікавыя паведамленні падрыхтавалі лунінецкія гімназісты Аліна Семянюк (7 “А”) і Марыя Тарчыла (10-ы) (кіраўнік – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Анатольеўна Дасько). Прыкладам адданасці дзецям і прадмету можна назваць мікашэвіцкую настаўніцу гісторыі Н.І. Баброўнік. Наталля Іванаўна падрыхтавала пяцёра выхаванцаў. Годна выступілі вучні гімназіі імя У.І. Нядзведскага Нікіта Бандаровіч (9-ы клас) і Таццяна Горбат (10-ы), а Насця Глушань (11-ы) уразіла прысутных мудрым вывадам аб тым, што толькі цярпімасцю адзін да аднаго можам захаваць кволы мір перад небяспечнымі выклікамі і пагрозамі ХХІ стагодзя. СШ №2 г. Мікашэвічы прадставілі яшчэ дзве выхаванкі педагога з 10 “А” класа – Ніна Юрча падзялілася маладзёжным поглядам на праваслаўе, а Яна Капліч разважала над становішчам Праваслаўнай Царквы ў гады Савецкай улады.

Мэтанакіраваную барацьбу “Саюза ваяўнічых бязбожнікаў” з храмамі і хрысціянамі адлюстравалі яшчэ пяцёра навучэнцаў. Варта адзначыць, што найбольш друкаваных крыніц выкарыстала Аліна Брэзіна (10 клас Дзятлавіцкай СШ, кіраўнік – настаўніца гісторыі Ларыса Васільеўна Албул). Новамучаніку Іаану Панкратовічу (+1937), які ў пачатку ХХ стагоддзя пабудаваў Спаса-Прэабражэнскі храм, прысвяціла работу Таццяна Грабовіч (9 клас Язвінскай СШ, кіраўнік – настаўніца пачатковых класаў Наталля Яўгенаўна Марза). Даследаваўшы жыццё новамучаніка Дзмітрыя Талюша (+1933), вучань 10 “А” класа СШ №2 г. Лунінца Глеб Семяненка (кіраўнік – настаўніца гісторыі Дзіана Раманаўна Сладзінская) даносіць тэму да равеснікаў у памяць аб дачцэ святога – настаўніцы чыгуначнай школы горада. Яна Пракаповіч (10 клас СШ №1 г. Мікашэвічы, кіраўнік – настаўніца гісторыі Ева Георгіеўна Галік) усхвалявана расказала аб храме Крупецкай іконы Божай Маці ў Мінску: 80 год таму яго разбурылі (да шчасця, цяпер адноўлены), а вось знішчыць святую крыніцу людзі не дазволілі. 10-класніца Багданаўскай СШ Даша Ільючык (кіраўнік – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вера Канстанцінаўна Ільючык) у дадатак да работы прачытала свой верш аб расстраляных іконах мясцовага храма, што глыбока ўразіў прысутных.

Занатаваўшы няпростыя лёсы свяшчэннікаў, гісторыю праваслаўя на тэрыторыі Беларусі ў ХХ стагоддзі даследвалі пяцёра вучняў. Кіраўніком лунінецкіх гімназістак была настаўніца замежнай мовы Ірына Аляксандраўна Грушэўская. Ліза Крышталь (8 “А”) акрэсліла духоўны шлях мітрапаліта Усяе Амерыкі і Канады Ірынея (Бекіша), які ў 1936-1944 гг. быў настаяцелем храма ў Лунінцы, а Наталля Камандзіс (9 “Б”) расказала аб служэнні настаяцеля Свята-Нікольскага храма в. Кажан-Гарадок протаіерэя Герасіма Пракапчука – ветэрана вайны.

Знаёмства з мясцовымі пастырамі працягнулі вучні СШ №2 г. Лунінца (кіраўнік – настаўніца гісторыі Наталля Аляксееўна Ерамяевіч). Вольга Пятрэнка (9 “Д”) паведаміла аб сям’і настаяцеля Свята-Параскевінскага храма в. Бастынь протаіерэя Віталія Вячоркі – яго жонку расстралялі фашысты. Кірыл Савіч (11 “Б”) лічыць, што імя настаяцеля Свята-Крыжаўзвіжанскага храма г. Лунінца протаіерэя Мікалая Яноўскага залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю горада.

Адна работа была прадстаўлена ў напрамку асветніцтва Рускай Праваслаўнай Царквы ў 1917-2017 гг. – на прыкладзе жыцця і творчасці праваслаўнай пісьменніцы Сафіі Фёдараўны Прорвіч, літаратурная зорка якой зіхацела ў 1920-1930 гг. Даследаванне падрыхтавала 10-класніца СШ №1 г. Лунінца Валерыя Юрцэвіч (кіраўнік – намеснік дырэктара школы Таццяна Браніславаўна Шостыр).

Усе навучэнцы былі адзначаны падзячнымі лістамі. Працы двух дыпламантаў прадстаўлены на другі этап творчага конкурсу – у Пінскую епархію.

Ганаровымі гасцямі канферэнцыі былі прадстаўнікі Мінскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Працы юных даследчыкаў па вартасці ацаніў доктар юрыдычных навук, прафесар Інстытута нацыянальнай бяспекі Сяргей Трахімёнак. Падтрымліваючы думку Льва Гумілёва, што кожную гістарычную падзею трэба разглядаць з трох пунктаў погляду – “з мышынай норкі, з узгорку і з вышыні птушынага палёту”, пісьменнік і навуковец параіў больш аб’ектыўна адносіцца да такога вялікага і супярэчлівага адрэзку эпохі, як 100 год пасля Кастрычніка… На падставе выказванняў вучняў паэт Іна Фралова слушна заўважыла, што “вера мацнейшая за храмы”. Тэме сустрэчы адпавядаў малітоўны настрой вершаў з яе новага зборніка “Белы бераг”. Іх чытала Іна Мікалаеўна, а сваю кнігу з аўтографам падарыла аматарам паэтычнага слова з Багданаўкі – дачцэ і маці. Душы юных і дарослых лунінчан, што засмуціліся трагічнымі старонкамі шматпакутнай гісторыі краіны, гоілі пранікнёныя радкі: “…Я лепш Малітваў узвяду Сады з адкрытым сэрцам да нябёс спагадным!”.

“Вера мацнейшая за храм” “Вера мацнейшая за храм” “Вера мацнейшая за храм” “Вера мацнейшая за храм” “Вера мацнейшая за храм” “Вера мацнейшая за храм”