NOVOSTY EPARHIY

Таямніцы лунінецкіх святынь…
Мясцовыя багацці ацанілі навукоўцы – і гэтым, магчыма, збераглі нашы духоўныя каштоўнасці, якія раней лічыліся звычайнымі рэчамі… Думала аб гэтым, гартаючы дыхтоўны фотаальбом “Музей старажытнабеларускай культуры” (Мінск, Беларусь, 2004).

Як вядома, унікальная ўстанова была створана ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Мінску 40 год таму. Не ўстаноўлена, колькі экспанатаў у мінулым мелі “лунінецкую прапіску”. З некаторымі знаёміць вышэй названая цудоўная кніга.

Уражваюць два старажытныя абразы, якія адрэстаўрыравалі сучасныя мастакі. Адзін – “Святая Варвара” (стар. 80) – датуецца першай паловай XVIII стагоддзя, другі – “Адрачэнне Апостала Пятра” (стар. 132) – пачаткам ХІХ-га. З подпісу вынікае, што абедьзве іконы – з Крыжаўзвіжанскага храма Лунінца. Аднак, у вопісу царкоўнай маёмасці перыяду 1920-1930 гг. гэтыя абразы адсутнічаюць. Не ўказаны яны і ў дакуменце 1981-га, калі храм абследавалі навукоўцы, якія, відавочна, і забралі іконы ў Мінск. Па меркаванню спецыялістаў, гэтыя абразы маглі быць перанесены з тых вясковых храмаў раёна, што ў атэістычны час былі зачынены.

Уражвае яшчэ адна ікона, таксама адрэстаўрыраваная. Гэта Іаан Златавуст (канец XVII стагоддзя) з храма Нараджэння Багародзіцы вёскі Лахва.

Ці ўдасца высветліць адрас яшчэ двух каштоўнасцей, што таксама прадстаўлены ў альбоме як прадметы пачатку ХХ стагоддзя з Лунінеччыны? Першая – гэта святочны касцюм замужняй жанчыны. Другі – ручнік з лёну і бавоўны, выкананы ў тэхніцы “бранае аднаўточнае і двухуточнае ткацтва, вышыўка строчкай, махры”.

Шкада, што не пазначаны паселішчы, дзе ствараліся каштоўнасці, захаваныя ў нацыянальным музеі. Аднак, прыемна, што ўсё гэта – набытак нашага раёна.

Рэзананс

Гэта інфармацыя пад назвай “Таямніцы лунінецкіх святынь…” (13.04.2018) была апублікавана летась у раённай газеце “Лунінецкія навіны”.

З паўгода мне тэлефанавалі асобныя жыхары вёскі Лобча. Яны лічаць, што ікона святой вялікамучаніцы Варвары належала мясцоваму храму, які быў разбураны ў “ліхія” 1960-ыя. Сэнс зваротаў землякоў зводзіўся да аднаго пытання: як вярнуць намолены абраз у адноўленую ў 1990-ыя гады капліцу?

Адказвала, што, калі буду ў Мінску, зайду ў музей старажытнабеларускай культуры і пацікаўлюся. Але маё наведванне акадэмічнай установы адбылося толькі ў сёлетнім лютым. Папярэднічаў гэтаму наступны расказ.
У 1980-ыя з Беларусі ў Канаду эмігрыравала мінчанка. Малую радзіму яна з мужам змагла наведаць 10 год таму. Да таго часу жанчына з-за хваробы ног перасоўвалася з кіёчкам. Знаёмыя запрасілі сям’ю і ў малавядомы музей, дзе перад наведвальнікамі прадсталі шматлікія старажытныя іконы. Ад аднаго з абразоў Божай Маці ішло адчувальнае цяпло, і госця дакранулася да іконы… З музея жанчана выйшла без кіёчка.

Вярнуўшыся ў Канаду, яна прыйшла ў клініку, дзе шмат год лячылася.

–Вы гарантавалі, што не змагу перасоўвацца без пабочнай дапамогі…
–Я гарантаваў, што хутка вам давядзецца заняць інвалідную каляску, – развёў рукамі ўражаны ўрач.

Гэту гісторыю расказаў прэс-сакратар Пінскай епархіі іерэй Іаан Гарбуноў, які пацікавіўся, ці не ведаю, дзе можа знаходзіцца гэты музей. Я наведвала яго яшчэ студэнткай, у 1980-ым, захаплялася стваральніцай – Вольгай Васільеўна Церашчатавай (светлая памяць! Цяпер даведалася, што яе зямны шлях завяршыўся…).

За 40 год шмат што магло змяніцца. Патэлефанавала знаёмай, папрасіла высветліць, як трапіць на экспазіцыю. І ў вызначаны час падышлі да вялікага акадэмічнага будынка, з якога пачынаецца вуліца Сурганава ў Мінску.

Цяперашняя назва ўстановы – Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. У філіяле мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы дзейнічае аддзел старажытнабеларускай культуры, за якім і замацавана экспазіцыя. Малодшы навуковы супрацоўнік Аляксандр Галкоўскі правёў цікавую экскурсію (асобным экспанатам можна прысвячаць вялікія артыкулы!). Мае спадарожнікі эмпірычным спосабам спрабавалі знайсці тую цудадзейную ікону, аб якой расказвалася вышэй. Дазволілі фатаграфаваць (без успышкі), таму, хочацца спадзявацца, па здымку былая суайчынніца падкажа, ці быў той абраз у экспазіцыі на момант нашага знаходжання ў музеі. Справа ў тым, што, даведаўшыся аб цудзе ў музеі, Аляксандр Аляксандравіч удакладніў:

–Многія экспанаты знаходзяцца на выставах. Напрыклад, вялікая колькасць ікон цяпер экспануецца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Траецкім прадмесці.

Рарытэты не перадаюцца

Мелі намер наведаць і гэту цікавую ўстанову ў цэнтры сталіцы, але спазніліся па часе. Што датычыць нашай эскурсіі, то ўсё ж задала адрасаванае лабчанамі пытанне:

–Ці можна хадайнічаць аб тым, каб вярнуць пэўны экспанат па месцы яго набыцця? Што для гэтага трэба – подпісы людзей, звароты прадстаўнікоў улады?

І пачула катэгарычны адказ:

–Нічога. Рэчы знаходзяцца на дзяржаўным захоўванні і нікому не перадаюцца.

Звяртаючы ўвагу на подпісы на шыльдачках, раз-пораз знаходзіла пазначэнні палесскіх родных і суседніх вёсак ці абагульненае, напрыклад, “Лунінецкі раён”. Зацікавіла, ці маецца ў музеі каталог, каб даведацца, якія яшчэ рэчы з нашых мясцін знайшлі “прапіску” ў сталічнай установе. Наш “гід” адказаў, што над каталогам пачалі працаваць толькі цяпер і парэкамендаваў зайсці да старэйшых па ўзросце і вопыту работы калег.
У аддзеле старажытнабеларускай культуры маецца сектар захавання гісторыка-культурнай спадчыны, але яго загадчыка, які ў свой час сам удзельнічаў у эспедыцыях па Беларусі, не аказалася на месцы. Калега ж нашага праважатага, даведаўшыся пра маё пытанне, была шчырай у сваім абурэнні:

–Як могуць людзі, што самі нічога не зрабілі для захавання мясцовых святынь, патрабаваць іх вяртання?! Гэтыя рэчы маглі б быць страчаны беззваротна для нацыянальнай культуры. Храмы закрываліся. Відавочна, гэты працэс у атэістычны час і немагчыма было спыніць, хаця ёсць прыклады і на Брэстчыне, калі жанчыны-верніцы кідаліся пад трактары і здолелі зберагчы ад разбурэння свае храмы. Многія з іх прыстасоўвалі пад клубы ці склады. Заставаліся іконы, богаслужбовы посуд, аблачэнні, кнігі… Іх можна было захаваць. Чаму ж людзі баяліся выйсці з хаты, нават калі разбуралі храмы, палілі намоленыя іх продкамі абразы? Для гэтага патрэбна была грамадзянская мужнасць. Шчасціць, што ёсць і такія прыклады. І трэба дзякаваць тым навукоўцам, якія яшчэ ў пачатку 1960-ых сталі ездзіць па глыбінцы і збіраць нацыянальнае багацце. Колькі яго, безгаспадарчага, вывезлі за мяжу?! На жаль, многім супрацоўнікам акадэміі навук давялося пацярпець за сваю дзейнасць у “хрушчоўскі час”. Афіцыйна толькі праз 10-годдзе пасля смерці “кукурузнага генсека” ўлады санкцыянавалі збор царкоўных рэчаў для навуковых мэт. Перш, чым яны сталі экспанатамі, іх адмылі, выратавалі ад цвілі, многія – рэстаўрыравалі, што неверагодна дорага… А цяпер “разумнікі і разумніцы” дбаюць аб вяртанні каштоўнасцей! У вас быў шанц іх зберагчы – вы яго страцілі!

Пошук звестак працягваецца

Не было аргументаў, каб абвергнуць крыўдныя, але справядлівыя словы. Толькі папрасіла дапамагчы знайсці нам “лунінецкі след” у вялікай калекцыі. Як і меркавала, яна вылічваецца дзясяткам тысяч адзінак захоўвання, таму немагчыма было выканаць маю просьбу хутка. Адна з супрацоўніц сказала, што цяпер калектыў заняты справаздачамі, але ў сакавіку магу нагадаць аб сваім запыце. У жанчыны пад рукой, што называцца, былі дакументы аб захованні царкоўных звонаў. Вось яна і прачытала на першым аркушы паперы:

–У музеі маецца звон, датаваны прыкладна 1819 годам, з Дзятлавіцкага храма, звон з храма вёскі Ракітна 1899 года, вёскі Бярозавічы 1755 года…

Апошняя паселішча – у Пінскім раёне. Папрасіла не шукаць далей, каб не пераключаць увагу з адказнай работы. Спадзяюся, што змагу вярнуцца да размовы, на якую атрымала папярэднюю згоду.

А вось іншая інфармацыя мяне насцярожыла. Аказваецца, у савецкі час для музея старажытнабеларускай культуры пачалі ўзводзіць новы будынак. У 1989-ым асабняк “замарозілі”. Зразумела, праз 30 год яго выкарыстанне немагчыма (будынак спасцігне той жа лёс, што і Палаца культуры ў Лунінцы). На новае ўзвядзенне ў дзяржавы няма фінансавання.

Быццам як пра нешта станоўчае ў аддзеле гавораць пра “рээкспазіцыю” музея. Але, па меркаванню не толькі айчынных прафесіяналаў, яшчэ ніводзін вопыт не быў паспяховым: у старых музеях новым экспазіцыям не ўдалося пераўзысці папярэднія. Магчыма, таму, што ў такім выпадку разбураюцца тыя не бачныя воку флюіды душы, якія аддавалі эспанатам супрацоўнікі-першапраходцы? Не ведаю. Але захапляюся разумнаму падыходу да музейнай справы ў шэрагу краін, якія давялося наведаць. У шматлікіх выпадках старое сховішча першай калекцыі пакідаюць без змянення. Побач узводзяць новы будынак, аснашчаны самымі сучаснымі “наваротамі”, першая зала ў якім прысвечана былым стваральнікам першага музея. І такімі відавочнымі тут становяцца і сувязь пакаленняў, і захоўванне традыцый…

Рамонт – справа доўгачасовая. Зразумела, на гэты час музей будзе закрыты для наведвальнікаў. Ды і невядома, што застанецца ў новай экспазіцыі, а там шукай тое, што цікавіць, у фондах ці на выставах у іншых месцах…

Святыня можа вярнуцца ў копіі…

Слушнай падалася парада, якую даў Аляксандр Аляксандравіч:

–У гісторыі царквы пастаянна сустракаемся з такім паняццем, як спіскі з цудадзейных ікон. Гэта можа датычыць і вялікамучаніцы Варвары, якую хочуць бачыць вашы землякі. Калі ласка, не забаронена зрабіць спісак з абраза. Знойдзецца мастак-іканапісца, гатовы выканаць гэту работу, – звяртайцеся…

Пакуль дойдзе да справы, раю лабчанам, якія турбавалі мяне сваёй заклапочанасцю, і іншым неабыякавым землякам. Хочаце пабачыць старую экспазіцыю – тэрмінова наведайце музей старажытнабеларускай культуры. Магчыма, сустрэнецеся з рэчамі, якімі валодалі (у выпадку адзення ці побытавых рэчаў) ці якім маліліся вашы продкі. Ва ўсялякім выпадку атрымаеце адчуванне гонару за тых простых сялян і сялянак, якія стваралі неверагоднай прыгажосці рэчы, і глыбокае пачуццё ўдзячнасці тым сціплым навуковым супрацоўнікам, якія захавалі гэтыя помнікі нашага народу…

НА ЗДЫМКУ: на фоне царскіх варот з храма вёскі Альгомль Столінскага раёна – супрацоўнікі Цэнтра Вера Данілаўна Міцкевіч і Аляксандр Аляксандравіч Галкоўскі (крайнія злева і справа), госця з Расіі з роду патомнага духавенства Ірына Мікалаеўна Скрабец, іерэй Іаан Гарбуноў.  “ЧТО ИМЕЕМ, НЕ ХРАНИМ, ПОТЕРЯВШИ – ПЛАЧЕМ…” “ЧТО ИМЕЕМ, НЕ ХРАНИМ, ПОТЕРЯВШИ – ПЛАЧЕМ…” “ЧТО ИМЕЕМ, НЕ ХРАНИМ, ПОТЕРЯВШИ – ПЛАЧЕМ…” “ЧТО ИМЕЕМ, НЕ ХРАНИМ, ПОТЕРЯВШИ – ПЛАЧЕМ…”