NOVOSTY EPARHIY

Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу, прысвечанага юбілеям паэм Якуба Коласа: 100-годдзю першага выдання “Сымона-музыкі” і 95-годдзю – “Новай зямлі”. У Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей народнага песняра з розных куткоў Беларусі было даслана больш як 1600 (!) работ у розных намінацыях.

Ушанаванне пераможцаў і прызёраў адбылося 12 лютага ў бібліятэцы Нацыянальнай акадэмі навук, што таксама носіць імя Якуба Коласа. Узнагароды ўручалі намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, кіраўнік Сюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп, таленавітыя творцы: журналіст і пісьменнік Людміла Урублеўская, паэт Мікола Маляўка, скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, мастак Анатоль Гармаза і іншыя. Вітаючы юных аматараў літаратуры і самадзейнай творчасці, прадстаўнікі нацыянальнай творчай эліты адначасова выказвалі ўдзячнасць калектыву музея за разнастайную выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем, уменне зацікавіць мастацкай творчасцю дзяцей, гэтым самым адцягнуўшы іх на пэўны час ад шматлікіх гаджэтаў, што наносяць (даказана!) непапраўную шкоду здароўю і інтэлекту.

У намінацыі “Фотамастацтва” ўзнагароды ўдастоены вучань 7-га класа Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І. Нядзведскага Іван Войткус. Прыз юнаму земляку ўручыў фотажурналіст газеты “Звязда” Канстанцін Дробаў (на здымку разам з хлопчыкам – дырэктар музея Зінаіда Камароўская).

Некалькі год таму спецыяльны прыз заснаваў прэс-сакратар Пінскай епархіі іерэй Іаан Гарбуноў (на здымку – разам з аўтарам гэтых радкоў). Свята-Параскевінскі прыход у Альшанах Столінскага раёна мае і прыпісны храм – у гонар праведнай дзевы Іуліяніі, князёўны Альшанскай (1550-1566). Свяшчэннік мае рацыю лічыць, што юным сучаснікам пажадана ведаць пра святую, амаль іх равесніцу, да таго ж – адзіную жанчыну, якую ўпакоілі ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Адначасова нагадваецца цесная сувязь народнага песняра з нашымі мясцінамі, пра якія Якуб Колас пісаў:

Я далёка цяпер ад палескіх раўнін,
А люблю ж я той край, бы яго родны сын,
І па ім маё сэрца баліць…

Калі ў папярэдніх творчых спаборніцтвах нашы юныя землякі спрабавалі сябе ў літаратурных жанрах, то сёлета ўражвалі малюнкамі і мастацкімі вырабамі. Спецыяльнымі дыпломамі адзначаны школьніцы Столінскага раёна: Дар’я Петравец з СШ №2 г. Давыд-Гарадок і Ганна Радцэвіч з СШ агр. Фядоры, а таксама вучаніцы з горада Ганцавічы: Валерыя Сарока – з СШ №2 і Юлія Шкут – з гімназіі.

У Мінску была ўзнагароджана вучаніца ДУА “Люсінскі дзіцячы сад-СШ імя Якуба Коласа“ Паліна Занька (на здымку са свяшчэннікам). Створаная 12-гадовай дзяўчынкай скрыпка зрабіла вялікае ўражанне на журы, а цяпер займае ганаровае месца на выставе ў музеі. З пажаданнем поспехаў у вучобе і творчасці Паліне ўручаны дыплом і энцыклапедыя мастацтва. Абаяльная мама, якая суправаджала пераможцу ў сталіцу, запрашала ўдзельнікаў урачыстасці на Палессе, а самым лепшым падарункам для сябе і дачкі назвала магчымасць наведвання Дома Коласа.

Спалучыліся ў вечнасці два імя, якія цяпер сталі бліжэйшымі для ўладальнікаў дыпломаў ад духавенства…

“У СЛОВАХ-ВОБРАЗАХ, У ПЕСНЯХ ВОЛЬНАПЛЫННЫХ…” “У СЛОВАХ-ВОБРАЗАХ, У ПЕСНЯХ ВОЛЬНАПЛЫННЫХ…” “У СЛОВАХ-ВОБРАЗАХ, У ПЕСНЯХ ВОЛЬНАПЛЫННЫХ…” “У СЛОВАХ-ВОБРАЗАХ, У ПЕСНЯХ ВОЛЬНАПЛЫННЫХ…” “У СЛОВАХ-ВОБРАЗАХ, У ПЕСНЯХ ВОЛЬНАПЛЫННЫХ…”