Творчае спаборніцтва па вышэй названай тэме ў 4-ы раз сумесна правялі раённы аддзел па адукацыі і Лунінецкая благачынная акруга. Чытаючы сачыненні вучняў, якія так шчыра і пранікнёна расказваюць аб традыцыях сваіх сем’яў, аб годных памяці продках, захаплялася перш-наперш дзецьмі – аўтарамі гэтых невялікіх твораў.

Якое цудоўнае пакаленне ў нас падрастае! У пэўнай ступені юныя сучаснікі рэабілітуюць папярэднікаў – урэшце, без віны вінаватых. Раней нас нацэльвалі на вялікія дзяржаўныя ці грамадскія мэты – лічыліся не вартымі ўвагі сямейныя каштоўнасці. Цяпер надышоў час абараняць гэтыя спрадвечныя ісціны. І тое, як натхнённа і высакародна гэта ажыццяўляюць нашы дзеці, заслугоўвае ўсялякай удзячнасці і падтрымкі.

Праз розныя прадметы дзеці захоўваюць памяць аб блізкіх. Сямейнымі рэліквіямі становяцца патэфон ці гадзіннікі ад прадзедаў, набор заварачных чайнічкаў ці швейная машынка, куфэрачак ці пацеркі ад прабабулей.
На працягу чатырох год нязменнымі ўдзельнікамі конкурсу “Сямейная рэліквія” з’яўляюцца вучні Лунінецкай гімназіі. І ў чарговы раз установу прадставілі Ксенія Андрайчук (7 “Б”, бібліятэкар Ірына Пятроўна Раманчук), Каця Паўлючэнка і Насця Трохіна (адпаведна 7 “Б” і 8 “А”, а кіраўнік абедзьвюх дзяўчынак – настаўнік Ірына Аляксандраўна Грушэўская).

Яшчэ больш удзельнікаў – ад СШ №2 г. Лунінца. У гэтым – пэўная заслуга настаўніка Марыны Іванаўны Грушэўскай. З дапамогай яе рыхтавалі сачыненні Насця Бірыла і Паліна Рагажынская (абедзьве – 5 “А” клас), а таксама Аляксей Якубовіч (7 “В”) – хлопчык як сямейную рэліквію хоча зберагчы ўспаміны аб бацьку, якога заўчасна страціў… Аб няпростым лёсе продкаў, якія былі падвергнуты неабгрунтаваным рэпрэсіям, даведаліся з сачынення Трафіма Калянковіча (9 “А”, Дзіяна Раманаўна Сладзінская).

Гэту ж тэму адлюстравала Насця Калянковіч (9 “А”, Таццяна Рыгораўна Дзмітровіч) з СШ №1 г. Лунінца. Святыняй шматпакутнай сям’і стала ікона Хрыста Збавіцеля. Вучань гэтай жа школы Аляксандр Апанасовіч (7 “Б”, Таццяна Мікалаеўна Байда) напісаў аб вянчальнай іконе продкаў, што захоўваюць нашчадкі.

Цікава даведацца аб сямейных традыцыях, аб чым напісалі Максім Краснікевіч (4-ы клас Любанскай СШ, настаўнік Ларыса Мікалаеўна Краснікевіч), Раман Мельянец (5-ы клас Бастынскай СШ, Іна Васільеўна Кацуба), Паліна Багданец (7-ы клас яслі-сад-СШ аг. Вулька-1, Вольга Іванаўна Лабко), Аліна Абраменя (8-ы клас Дубаўскай СШ, Марыя Мікалаеўна Яроцкая), Дар'я Неўдах (7 “В” СШ №1 г. Мікашэвічы, Жанна Уладзіміраўна Герман), Дар’я КІШКЕВІЧ (8-ы клас Лобчанскай яслі-сад-БШ, Ала Яўгенаўна КУРАК) (на здымку разам з педагогам і вучаніцай – арганізатары конкурсу: памочнік благачыннага па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі протаіерэй Сергій КРЫШТАЛЬ і метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі Марына Міхайлаўна ГРУШЭЎСКАЯ).

У многіх сем’ях на працягу некалькіх пакаленняў шануюць рэлігійныя прадметы, якія становяцца сапраўднымі святынямі. У прыватнасці, бранзалет з Афону ці іконы, набытыя продкамі і аказаўшыя дапамогу ў пэўных жыццёвых сітуацыях. Аб гэтым напісалі дзеці, імёны якіх названы вышэй, а працы – адзначаны падзякамі. Дыпломаў ІІІ ступені ўдастоены сачыненні Таццяны Масейчук (6 “В”, СШ №1 г. Мікашэвічы, Алена Аляксандраўна Малькевіч) і Максiма Cыцiна (8 клас, яслі-сад-СШ аг. Вулька-1, Таццяна Антонаўна Дударга).

Часта дзеці прыгадваюць загінуўшых абаронцаў Айчыны ці тых, хто вярнуўся з вайны, але ўжо завяршыў зямны шлях. У спадчыну ад продкаў пераходзяць фотапартрэты і баявыя ўзнагароды. Партрэты пераможцаў занатавалі Насця Сушкевіч (7 “Б” СШ №1 г. Лунінца, Таццяна Мікалаеўна Байда), якая ўзнагароджана Дыпломам ІІІ ступені, Аляксандра Говар (9 “В”, СШ №2 г. Мікашэвічы, бібліятэкар Галіна Іванаўна Міронава) і Ліана Верас (8-ы клас Дубаўскай СШ, Марыя Мікалаеўна Яроцкая) – абедзьве адзначаны дыпломамі ІІ ступені. Пераможцай конкурсу стала 10-класніца СШ №1 г. Лунінца Марына Броннікава (настаўнік Наталля Самуілаўна Харкевіч), якая ўразіла пранікнёным занатаваннем аблічча свайго прадзеда і лістом аднапалчаніна, які напісаў аб яго гібелі салдацкай удаве.

–Гэта сачыненне вымусіла мяне праслязіцца, – адзначыў свяшчэннік.

Узнагароджанне творчых юных лунінчан з выказваннем удзячнасці іх настаўнікам адбылося напярэдадні 22 чэрвеня. Дата пачатку Вялікай Айчыннай вайны болем адгукаецца ў кожнай сям’і, таму сімвалічным было менавіта ў гэты дзень каля Кургана Бессмяротнасці, побач з якім узведзены храм іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”), правесці невялікую па часе, але шчырую і кранальную цырымонію.

Вялікі гуманіст ХХ стагоддзя Дзмітрый Сяргеевіч Ліхачоў адзначаў, што “Памяць – гэта маральны абавязак перад самім сабой і перад нашчадкамі”. Усвядоміць гэтую простую ісціну ў мітусні паўсядзённасці дапамагаюць дзеці, напісаўшыя аб сваіх сямейных рэліквіях…

“СЯМЕЙНАЯ РЭЛІКВІЯ” “СЯМЕЙНАЯ РЭЛІКВІЯ”