У Івацэвічах адбыліся абласныя чытанні “Ад інаватыкі да педагагічнай практыкі”. Дэлегацыю нашага раёна ўзначальвала намеснік дырэктара СШ №2 г. Лунінца Н.В. БОЙКА. 

–Наталля Вітальеўна, упершыню абмеркаванне духоўна-маральных пытанняў сярод педагагічнай грамадскасці Брэстчыны адбылося ў мінулым снежні…

–Так, гэта было ў дастаткова вузкім коле аднадумцаў. Другія чытанні, што зноў арганізаваў Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі, па маштабе пераўзышлі ўсе чаканні! На пленарным пасяджэнні выступілі кіраўнікі аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, метадычнага кабінета Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі. Былі агучаны асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння Міністэрства адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы. Вельмі інтэнсіўна працавалі сем секцый, у якіх выступілі амаль 30 дакладчыкаў! Утрая больш было ўдзельнікаў сустрэчы. СШ №3 г. Івацэвічы выдатна падрыхтавала чытанні, адпавядаючы дэвізу школы: “Усё творча, а інакш – навошта?”.

–Значыць, чарговы адрас правядзення чытанняў быў вызначаны тым, што гэта – калектыў захопленых аднадумцаў?

–Школа вядзе інавацыйную дзейнасць па тэме “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця доследнай кампетэнтнасці вучняў на аснове духоўна-маральнай і культурнай спадчыны”. Калегі зацікавілі напрацоўкамі ў арганізацыі і ажыццяўленні шматлікіх спраў ва ўзаемакарысным супрацоўніцтве з духавенствам. Дырэктар школы падзяліўся інавацыйным педагагічным вопытам, які лічыць інтэлектуальным рэсурсам адукацыі.

–У нашым раёне, дарэчы, першым у епархіі, кантакты педагогаў і свяшчэннікаў наладжаны 9 год таму, сёлета сустрэчы праводзяцца на абласным узроўні. У сферы адукацыі нарэшце асэнсавалі, што маральнае выхаванне немагчыма без духоўнай падставы?

–Адкажу канкрэтным прыкладам. Аб глыбокім асэнсаванні духоўных пытанняў у сённяшні час сведчыць нават тое, што абласны інстытут развіцця адукацыі прысвяціў чытанні 115-годдзю праслаўлення святога Серафіма Сароўскага, цудатворцы. На пленарным пасяджэнні нікога не пакінуў абыякавым даклад па тэме: “Мэта хрысціянскага жыцця і сучасная школа: педагагічны вопыт прападобнага…”. З ім выступіў протадыякан Павел Бубноў, старшы выкладчык кафедры Царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай акадэміі, кандыдат багаслоўя.

–Некаторыя мясцовыя настаўнікі былі слухачамі гэтага надзвычай цікавага прапаведніка ў верасні 2016 года на епархіяльным семінары ў Лунінцы.

–Мне пашчасціла быць у іх ліку… У сваім цяперашнім выступленні айцец Павел, зыходзячы з педагагічнай спадчыны святога Серафіма Сароўскага, прывёў вельмі важныя словы: не справы – мэта, а іх вынік, не вучоба – мэта, а вучань.

Наогул на чытаннях не было абыякавых людзей, я занатавала столькі каштоўных думак! У прыватнасці, гаспадар – дырэктар СШ №3 г. Івацэвічы, назваў шляхі спасціжэння і вучнямі, і настаўнікамі асноў праваслаўнай культуры як галоўную ўмову выхавання годных грамадзян сваёй Айчыны. Важна, што гэта ж думка гучала ў выступленнях прадстаўнікоў упраўлення адукацыі. Наогул, сёння ацэньваць працу патрэбна не па наяўнасці папак са справаздачамі, а па справах.

– Выступленне каго з педагогаў зрабіла на вас самае вялікае ўражанне, каб, напрыклад, запрасіць яго на чытанні ў Лунінец ці Мікашэвічы?

–Дырэктар Яглевіцкай СШ Івацэвіцкага раёна прывёў канкрэтныя формы практычнага ўзаемадзеяння школы і мясцовага прыхода храма святога Георгія Перамоганосцы, накіраваныя на духоўна-маральнае выхаванне і адраджэнне хрысціянскай культуры. Мару, каб падобных прыкладаў супрацоўніцтва можна было дасягнуць і ў нашым раёне.

У Івацэвічах адбыліся абласныя чытанні “Ад інаватыкі да педагагічнай практыкі” У Івацэвічах адбыліся абласныя чытанні “Ад інаватыкі да педагагічнай практыкі”