Традыцыйныя навагоднія вітанні архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана ў Мінску ўжо чакаюць не толькі сваякі народнага песняра і работнікі літаратурна-мемарыяльнага музея. Чуткамі сталічная зямля поўніцца! Штогод усё больш людзей збіраюцца каля ёлачных агеньчыкаў у параднай зале на сядзібе Якуба Коласа.

Дом-музей размешчаны паблізу Нацыянальнай акадэміі навук. Як вядома, класік беларускай літаратуры быў яе віцэ-прэзідэнтам. Сёлета сустрэча на Каляды ўключыла ў праграму ўшанаванне дырэктара філіяла “Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы” НАНБ, доктара філалагічных навук, прафесара Аляксандра Лукашанца, якога днямі выбралі акадэмікам. Канцэрт духоўных спеваў хору храма Ўсіх Святых (рэгент Дзмітрый Такмакоў) пераўзышоў усе чаканні! Гучалі калядкі на беларускай, рускай, украінскай мовах. Духоўную прастору свята народнымі песнапеннямі пашырыў іераманах Агафангел (Будзішын) з Сербіі. Сапраўдныя авацыі выклікала выступленне протадыякана Андрэя Гарбунова з Баранавіч: у яго рэпертуры была песня на кітайскай мове, а сярод гледачоў прысутнічалі студэнты БДУ з Кітая і Японіі, якія не хавалі захаплення!

Таленавітыя выканаўцы стварылі шчырую атмасферу любві розных народаў, якіх яднае Нараджэнне Хрыстова. Прэс-сакратар Пінскай епархіі іерэй Іаан Гарбуноў частаваў удзельнікаў сустрэчы салодкімі падарункамі і альшанскай садавіной. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі, дырэктар музея Зінаіда Камароўская ўручыла Уладыку Сцяфану прыгожа аформленую планкетку і шчыра падзякавала ганаровым гасцям за духоўную падтрымку папулярызацыі творчай спадчыны народнага песняра.

КАЛЯДЫ З АРХІЕРЭЕМ КАЛЯДЫ З АРХІЕРЭЕМ КАЛЯДЫ З АРХІЕРЭЕМ КАЛЯДЫ З АРХІЕРЭЕМ КАЛЯДЫ З АРХІЕРЭЕМ