У Мінску, у Дзяржаўным мемарыяльна-літаратурным музеі Якуба Коласа, адбылася ўрачыстасць, якую сваім удзелам ушанаваў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан. Святочнасць Светлай Сядміцы ўвасобіў ансамбль хору сталічнага храма Усіх Святых.

Моцныя прыгожыя галасы захопленых спевамі юнакоў шчыра славілі Уваскрэсенне Гасподняе на беларускай, рускай, сербскай мовах. З цікавым абрадам “Велікодныя Калядкі” пазнаёміў іераманах Агафангел (Аца Будзішын) з Сербіі. Гасцям музея праграму прадстаўляў прэс-сакратар Пінскай епархіі іерэй Іаан Гарбуноў.

Сустрэча працягнулася адкрыццём фотавыставы работ свяшчэнніка з Літвы Алега Штэльмана, які паходзіць з Беларусі. Пасля тэрміновай армейскай службы на Байкануры ён звязаў лёс з Віленскім Свята-Духавым саборам. У 2002-ім быў прызначаны клірыкам храма Усіх Святых г. Клайпеда. (Цікава, што назва храма аб’ядноўвае айца Алега з мастацкім кіраўніком мінскага Усіх-Свяцкага хору Дзмітрыем Такмаковым, як і іх агульная малая радзіма – горад Вілейка).

У 2009-ым свяшчэннік Алег Штэльман прызначаны настаяцелем Петра-Паўлаўскага храма г. Шауляй. Адначасова з пастырскім служэннем вядзе вялікую асветніцкую работу, дзякуючы свайму захапленню паэзіяй, бардаўскай песняй і здымкамі. Фатаграфіі айца Алега ўпрыгожвалі праваслаўны каляндар, выдадзены асобным альбомам, выставы экспанаваліся ў розных мясцінах Літвы, неаднаразова – у храмах Мінска.

У 135-гадовы юбілей песняра Дом Коласа ўпершыню прадставіў работы літоўскага свяшчэнніка беларускага паходжання. Выстава протаіерэя Алега Штэльмана адлюстравала Святую Гару – удзел Божай Маці на Афоне, куды, як вядома, забаронены ўваход жанчынам. Фотаздымкі манахаў, адасобленых абіцелей і маляўнічых краявідаў Грэцыі выклікалі шчырыя ўражанні ўдзельнікаў сустрэчы. Творчасць айца Алега высока ацаніў Уладыка Сцяфан у інтэрв’ю Беларускаму радыё і тэлеканалу “Саюз”, журналісты якіх асвятлялі падзею.

Урачыстасць у музеі стала моцным міжнародным акордам, згуртаваўшы людзей розных узростаў і прафесійных сфер агульным натхненнем вясной, прыгажосцю, жыццём – усім тым, што хрысціяне атаясамляюць з Вялікаднём.

ВЕЛІКОДНЫ ВЕРНІСАЖ ВЕЛІКОДНЫ ВЕРНІСАЖ IMG 20170419 125900 1 ВЕЛІКОДНЫ ВЕРНІСАЖ ВЕЛІКОДНЫ ВЕРНІСАЖ