Магчыма, таму, што ў маёй сям’і было многа і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, і мужчын, якія лічылі армейскую службу ганаровым абавязкам, па-асабліваму ўспрымаю люты. У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі аднойчы ўбачыла кішэннага памеру ікону Божай Маці “Спатоленне пагіблых”.

Аказваецца, салдаты Першай сусветнай вайны верылі, што гэты абраз засцерагае ад гібелі, таму і насілі яго блізка да сэрца…

Да гэтага часу ведала назву іконы, таму што ў Лунінцы будаваўся храм у яе гонар. 18 лютага наш прыход адзначае прастольнае свята. А потым прыгадала, што 18 лютага 1945 года ў канцлагеры Маутхаузен фашысты закатавалі генерала Дзмітрыя Карбышава... І вось ужо пяты год напярэдадні святка сустракаемся ў памяць Героя Савецкага Саюза. Сёлета ў інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” разам ушанавалі і іншых прадстаўнікоў пакалення пераможцаў у праграме “Бессмяротны полк”: у строй устаюць нашы родныя”.

Інструктар-метадыст ГАС ДТСААФ Алена Пятрэнка адзначыла, што ў свой час Д.М. Карбышаў удзельнічаў у рэканструкцыі Брэсцкай крэпасці, яго імя прысвоена абласной аўташколе. Алена Сяргееўна расказала аб маёры Аліме Лупаенку – былы штурман марской авіяцыі, які, выйшаўшы ў запас, выкладаў ваенную справу ў СШ №1 г. Лунінца, быў сынам загінуўшага абаронцы Айчыны Аляксандра Лупаенкі…

Прадстаўнікоў Лунінецкай арганізацыі Беларускага Саюза ветэранаў органаў пагранічнай службы злучыла застава на Паміры. Генадзь Ярмоліч служыў у 1989-1991, а Уладзімір Сацкевіч – у 1986-1988 гг. Ён расказаў пра свайго дзеда. Унук не толькі беражэ яго ўзнагароды, але і на сайтах Міністэрства абароны даследаваў баявы шлях, знайшоў архіўныя дакумены аб подзвігах ездавога 76-мм батарэі 920 сп 247 сд Андрэя Кірылавіча Сацкевіча. На фронце быў і яго брат Іван. Абодва вярнуліся дамоў, але ў 1980-ыя завяршылі зямное жыццё. Памяць аб пераможцах захоўваюць дзеці і ўнукі.

Лунінчанка Надзея Жук паказала публікацыі “Лунінецкіх навін”:

–Мой бацька – радавы 629 сп 134 сд Даніла Арцёмавіч Шпак, у свой час да Дня Перамогі пра яго неаднаразова пісала раённая газета. На адным са здымкаў, дарэчы, побач з ветэранам – я і мая дачка Люба… Кавалер ордэна Славы ІІІ ступені і ордэна Айчыннай вайны І ступені, трох баявых медалёў і многіх юбілейных памёр у канцы ХХ стагоддзя. Летась 9 мая я і ўнучка Кацярына з партрэтам бацькі і дзеда выйшлі на плошчу, далучыўшыся да акцыі “Бессмяротны полк”.

У гэтым жа страі ішла ветэран педагагічнай працы Валянціна Валько з партрэтам свайго бацькі. Ураджэнец Азярніцы Васіль Афанасьевіч Юрцэвіч быў сувязным, а затым байцом партызанскага атрада імя Сталіна брыгады імя КІрава Пінскага злучэння. Пасля вызвалення стаў служыць у органах унутраных спраў. З Беларусі быў накіраваны ў Іркуцк, затым – у Балашыху. У Падмаскоўі 4 гады таму і завяршыўся яго зямны шлях...

Выкладчык гісторыі СШ №2 г. Лунінца Дзіяна Сладзінская ў 2017-ым прыняла ўдзел у шэсці “Бессмяротнага палка” ў Маскве. Яна перадавала ўражанні са шчырымі эмоцыямі, якія і цяпер захаплялі слухачоў.

Дзіяна Раманаўна падзялілася і абурэннем ад некаторых тэлешоў, дзе зневажалася памяць закатаванага генерала.

–Хаця ў школьнай праграме цяпер значна скарочана тэма Вялікай Айчыннай, - адзначыла настаўніца, – лічу сваім абавязкам расказваць дзецям пра многіх не названых у падручніку герояў і іх подзвігі. Прыкладам мужнасці, сумленнасці і вернасці вайсковай прысязе заўсёды застанецца Дзмітрый Карбышаў…

Ваенна-патрыятычная тэма працягнулася і на наступны дзень. У нашым прыходзе адзначалася “Малая Пасха” – так называюць прастольнае свята. Раніцай трава яшчэ была пакрыта шэранем, а ў наваколлі панавала ўжо сонца. Дзякуючы дынамікам, далёка ад царкоўнага двара разносіліся спевы кліраснага хору і гукі літургіі. Яе ўзначаліў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан у саслужэнні свяшчэннікаў. Ганаровымі гасцямі былі таксама протаіерэй Віктар Сачкоўскі і іерэй Аляксандр Сыцэвіч (абодва – Пінск), іерэй Іаан Пашкевіч (Ганцавічы), мясцовыя бацюшкі – протаіерэй Валерый Скрабец (Лахва) і іерэй Аляксандр Барысаў (які будуе храм ў Рэдзігерава), іпадыяканы.

Пасля саборнай малітвы з удзелам шматлікіх вернікаў настаяцель протаіерэй Сергій Крышталь падзякаваў архіерэю за ўшанаванне сваёй прысутнасцю храмавага свята. Узнагароду з рук Уладыкі Сцяфана – медаль прападобнамучаніка Макарыя Пінскага – атрымаў начальнік Лунінецка-Ганцавіцкага ваенкамата Уладзімір Жук. У сваю чаргу міжрайваенкам уручыў архіерэю юбілейны медаль да 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Ваенная тэма сімвалічна паўплывала на ўрачыстае вітанне, якое па традыцыі давяраюць аўтару гэтых радкоў. Нагадала, што Уладыка Сцяфан – равеснік вызвалення Беларусі, і выказвала шчырае захапленне грамадскімі справамі архіерэя. У сваёй роднай вёсцы Карзуны Чэрвеньскага раёна, што на Міншчыне, на месцы, дзе раней была школа, Уладыка Сцяфан узвёў храм. Асабліва кранае, што насупраць алтара – дзве стэлы з імёнамі землякоў, загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай. Вось прыклад, як трэба любіць малую радзіму!

Звяртаючыся да архіерэя, з радасцю падкрэсліла, што ў нашым горадзе ёсць надзейны паплечнік у высакароднай справе ўвекавечання памяці герояў вайны – айцец Сергій Крышталь. Мяне падтрымалі прадстаўнікі пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў органаў пагранічнай службы, педагогі і вучні сельгаскаледжа, гімназіі і СШ №1 г. Лунінца, якія актыўна ўдзельнічаюць у духоўна-патрыятычных акцыях. Духоўная прастора храмавага свята пашырылася, далучыўшы да яго сотні працаўнікоў, калі сваю пашану архіерэю і настаяцелю выказвалі кіраўнікі вытворчых калектываў. Сярод падарункаў, пераважна кветак, быў таксама “Летапіс храма ў публікацыях раённай газеты “Лунінецкія навіны” – пераплецены ў друкарні рукапіс змясціў 135 артыкулаў пра дзейнасць прыходу і прыхаджан за 2018 год.

У спадзяванні на літасць Божай Маці прыхаджане прасілі духавенства малітваў – за ўмацаванне міру на шматпакутнай зямлі Белай Русі.

ДВА ДНІ Ў МЕСЯЦЫ МУЖНАСЦІ ДВА ДНІ Ў МЕСЯЦЫ МУЖНАСЦІ ДВА ДНІ Ў МЕСЯЦЫ МУЖНАСЦІ ДВА ДНІ Ў МЕСЯЦЫ МУЖНАСЦІ ДВА ДНІ Ў МЕСЯЦЫ МУЖНАСЦІ  ДВА ДНІ Ў МЕСЯЦЫ МУЖНАСЦІ  ДВА ДНІ Ў МЕСЯЦЫ МУЖНАСЦІ  ДВА ДНІ Ў МЕСЯЦЫ МУЖНАСЦІ  ДВА ДНІ Ў МЕСЯЦЫ МУЖНАСЦІ  ДВА ДНІ Ў МЕСЯЦЫ МУЖНАСЦІ  ДВА ДНІ Ў МЕСЯЦЫ МУЖНАСЦІ  ДВА ДНІ Ў МЕСЯЦЫ МУЖНАСЦІ