duhovenstvo

“Няма ўлады ў святара; няма правоў ў святара; ёсць толькі страшны і дзівосны, сапраўды чароўны прывілей - любіць да смерці і смерці крыжовай. Хтосьці з заходніх пісьменнікаў, у якога спыталі, што такое святар, адказаў: Святар - гэта укрыжаваны чалавек ... Чалавек, які адрокся і адракаецца, і кожную гадзіну павінен нанова адрачыся ад сябе, ад якіх бы там ні было правоў; не толькі ад фальшывага права тварыць зло і быць грэшнікам, але нават ад законных правоў чалавечнасці, чалавечага жыцця.

Ён - вобраз Хрыста, ён - ікона, ён - Хрыстовы клопат, ён - Хрыстова любоў; ён - Хрыстова цела, якое можа быць ўкрыжавана; ён - Хрыстова кроў, якая можа быць пралітая”. Менавіта так аб пастырскім служэнні разважае мітрапаліт Антоній Суражскі. І гэтыя словы можна з поўным правам аднесці да жыцця і служэння айца Іаанна Сабалеўскага.


Іаан Рыгоравіч Сабалеўскі нарадзіўся у сяле Харлапава Верхнедзвінскага раёна Віцебскай вобласці ў 1891 годзе. Паходзіў будучы святар з сялянскай сям’і. Вядома, што ягоны родны брат, Мяфодзій Рыгоравіч, быў селянінам-аднасобнікам, меў чацвярых дзяцей. У 1935 годзе “за антысавецкую агітацыю” быў арыштаваны і асуджаны да 5 гадоў заключэння у працоўным лагеры. Сам Іван у 1906 годзе скончыў Верхнедзвінскае гарадское вучылішча, усяго чатыры класы. Да 1914 года займаўся земляробствам, дапамагаючы бацьку. З пачаткам першай сусветнай вайны Іван быў прызваны ў армію. Служыў радавым у чыгуначным батальёне горада Лунінец.

У следчай справе айцец Іаан адзначае, што ён быў пісарам пра штабе гэтага батальёна. Пасля падпісання Рыжскага міру Лунінец быў захоплены немцамі. З 1918 года малады чалавек працуе ў канторы чыгуначнага дэпо. Можна меркаваць, што прыблізна ў 1920 годзе ён уступае у шлюб з Вольгай Іванаўнай 1897 года нараджэння. З гэтага ж года пачынаецца яго служэнне ў чыгуначнай царкве ў якасці псаломшчыка. Цікава, што духоўнай адукацыі Іван не меў. Але, зноў жа, ёсць усе падставы думаць, што хлапец быў не староннім чалавекам у царкве. Быць псаломшчыкам – значыць добра ведаць богаслужбовы Ўстаў, выдатна чытаць і спяваць на набажэнствах і трэбах. Пэўна, яму прыйшлося здаць і экзамен на магчымасць займаць гэтую пасаду. Леў Леанідавіч Коласаў, пазаштатны карэспандэнт “Лунінецкіх навін” сведчыць пра голас айца Іаана:

“Уладальнік цудоўнага і моцнага голаса. Калі ён спяваў – дрыжала шкло ў вокнах храма”.

Ён жа сабраў належачыя святару ноты, якія новыя ўладары хаты а. Іаана выкінулі ў хлеў, і перадаў іх у Беларускі дзяржаўны музей музыкальнага і тэатральнага мастацтва.

Але вернемся да далейшага жыццёвага лёсу Івана Сабалеўскага. З 1925 года пачынаецца дыяканскае служэнне а. Іаана. У гэтым сане ён служыць ужо ў Кражаўздзвіжанскай царкве Лунінца. З матушкай Вольгай яны нарадзілі траіх дзяцей. Сын Уладзімір нарадзіўся ў 1921 годзе, у 1922 – дачка Ніна, і ў 1924 яшчэ адна дачка Лідзія. Дыякан Іаан меў высокі аўтарытэт сярод прыхажан. Яго любілі не толькі за прыгожы голас і ўменне добра весці службу, але за дабрыню, спагадлівасць, шчырасць душы, адданасць Богу. Так, зноў жа, са следчай справы добра відаць, што ўсе сведкі ў адзін голас гаварылі, што з дзяцінства добра ведаюць гэтага чалавека і нічога дрэннага пра яго сказаць не могуць. Наадварот, ён стараўся дапамагчы чым толькі мог, тым людзям, што звярталіся да яго за дапамогай. Можна меркаваць даволі ўпэўнена, што а. Іаан пытаўся дапамагчы праваслаўным беларусам уладкавацца на працу. Зрабіць гэта было даволі складана. Польскія ўлады ва ўсіх сферах жыцця чынілі прыціск праваслаўным беларусам. Па сведкам гісторыкаў

“толькі да сакавіка 1923 г. з 400 існуючых беларускіх школ засталося 37. Адначасова ў Заходняй Беларусі было адкрыта 3380 польскіх школ. У 1938-1939 заставалася толькі 5 агульнаадукацыйных беларускіх школ. 1300 праваслаўных цэркваў было ператворана ў каталіцкія , нярэдка з прымяненнем сілы.”

Толькі высокі аўтырытэт а. Іаана дапамагаў вырашаць такія складаныя пытанні для людзей, якія шукалі ў яго падтрымкі. Значыць і польскія ўлады паважалі праваслаўнага дыякана, калі не адмаўлялі ў ягоных просьбах за сваіх прыхажан. Такая ахвярнасць, мужнасць і дабрыня і ў дальнейшым служэнні засталіся неад’емнай рысай служэння святара.

Але вось і прыйшоў 1939 год. Ці ведаў а. Іаан, што яго брат Мяфодзій быў на той час рэпрасаваны савецкімі ўладамі і высланы ў канцлагер? Адказаць на гэтае пытанне складана. Па меншай меры, у анкеце арыштаванага дыякана Іаана сказана, што бацька і маці на гэты час памерлі, а братоў і сясцёр у яго няма. Праўда, на 20 старонцы а. Іаан упамінае сваю сястру Сабалеўскую Ганну Рыгораўну, якая пражывала да першай сусветнай вайны ў Енісескай губерніі. Але сувязь з ёй з-за вайны і рэвалюцыі была згублена. Можа і наўмысна а. Іаан амаль нічога не гаворыць пра родных людзей, ведаючы, што рэпрысіўная машына “саветаў” нікого не пашкадуе.

Чым жа быў неспадобны для савецкай улады просты дыякан Праваслаўнай Царквы? Абвінавачванне грунтавалася на спробе даказаць прыналежнасць а. Іаана да супрацоўніцтва з польскай тайнай паліцыяй. У пастанаўленні на арышт гаворыцца:

“Сабалеўскі Іван Рыгоравіч пры былой Польшчы з’яўляўся канфідэнтам паліцыі, меў сувязь з капітанам КАПа, які жыў у яго на кватэры і апошняму Сабалеўскі падбіраў асоб для тайнага супрацоўніцтва і запрашаў іх зайсці да сябе на кватэру”.

Чытаючы следчую справу, здзіўляешся, што следства ішло поўнасцю фармальна. Ніводнае з абвінавачванняў не было даказана, паказанні сведкаў не прымаліся для разглядання. Адзінае, што рабілася ўпарта – спроба заставіць падсуднага прызнаць сваю правіну. Але а. Іаан трымаўся на допытах вельмі мужна. Ён нікога не агаварыў, безпадстаўных абвінавачванняў не прызнаў. Ды і сведкі, дзяўчаты Мельнікава Людміла, Шнайдэр Ніна, Кучынская Лідзія не паддаліся на спробы абвінаваціць лунінецкага дыякана. Яны ўсе ў адзін голас паказалі, што ніякай вербоўкі з боку а. Іаана не было.

Ягоны сын, Уладзімір, які на той час працаваў у КАПе, прапанаваў дзяўчатам працу сакратаром і памочнікам для перакладу савецкіх перадач на радыё з рускай на польскую мову. А сам дыякан Іаан не меў да гэтага ніякага дачынення. Ты не менш сведчанні дзяўчат не толькі не былі ўлічаны, але і перакфаліфікаваны як выкрывальныя ў злачыннай дзейнасці святара. Абвінаваўчае заключэнне пайшло яшчэ далей у прыпісанні міфічнай віны а. Іаана:

“Сабалеўскі Іван Рыгоравіч, будучы служыцелям рэлігійнага культа (дыяканам), адначасова меў цесную сувязь з былой Польскай палітычнай паліцыяй і працаўнікамі корпуса аховы пагранічнай (КАП), якія жылі ў яго хаце, падбіраў апошнім асоб для сакрэтнай працы ў былой Польскай разведцы. З’яўляўся агентам былой польскай тайнай палітычнай паліцыі, якой праз палкоўніка Мікалайка перадаваў сведкі пра рэвалюцыйна настроеных асоб, падпісваючы іх псеўданімам “Рысь”.

Усё сур’ёзна. Вось толькі доказаў няма. Ні аднаго дакумента, які сведчыў бы, што а. Іаан быў на такой службе у польскай паліцыіі няма. Усё гэта галаслоўныя абвінавачванні. Таму святар мужна і адвяргаў іх. Яго сумленне было чыстым: “У прад’яўленным абвінавачванні ў тым, што я з’яўляўся агентам былой польскай палітычнай паліцыі ў г. Лунінец, якой праз палкоўніка Мікалайка выдаваў рэвалюцыйна настроеных асоб, чым садзейнічаў умацаванню былога польскага фашысцкага ладу, вінаватым сабе не прызнаю. Не прызнаю сябе вінаватым таксама ў тым, што вёў барацьбу з рэвалюцыйным рухам на тэрыторыіі былой Заходняй Беларусі. Інфарматарам паліцыі я ніколі не быў, клічку “Рысь” ніколі не меў.” Прысуд асаблівай нарады пры народным камісары унутраных спраў СССР прысудзіў а. Іаана да 8 гадоў папраўча-працоўнага лагера. Доўгая дарога вяла з Беларусі ў рэспубліку Комі –Ухта-Іжэмскі ППЛ.

Крыху болей года доўжылася лагернае выпрабаванне о. Іаана. Адным з апошніх дакументаў следчай справы з’яўляецца пасведчанне ад 27 жніўня 1941 года, дзе гаворыцца аб амністыі, “як польскага грамадзяніна” і абраным месцы жыхарства – Казахстан, Заходнеказахстанская вобласць, с. Каменка. Можа гэта і выпадковае месца жыхарства. Але ёсць падставы меркаваць, што сюды маглі быць высланы жонка і дзве дачкі айца дыякана. Для савецкай рэпрэсіўнай сістэмы такая практыка – высылаць сем’і “ворагаў народа” была звычайнай. І хоць гэта толькі меркаваенне, яно дапамагае адказаць на пытанне, як потым сустрэлася ўся сям’я Сабалеўскіх, бо за мяжой яны апуніліся ўжо ўсе разам. Што датычыцца сына Ўладзіміра, то ён выехаў яшчэ з польскімі ўладамі, бо, будучы служачым КАПа, ён не мог нават спадзявацца на памілаванне ад савецкай улады.

Далейшыя звесткі пра Іаана Сабалеўскага дайшлі з далекай Амерыкі. Лунінчане, апынуўшыся пасля вайны ў ЗША, пісалі на Радзіму, што а. Іаан жыў у Нью-Йорку, быў пасвечаны ў святара і служыў на адным з прыходаў гэтага горада. Памёр у верасні 1966 года. Такія вось скупыя радочкі. Дзякуй Богу, зусім нядаўна, у перыяд Вялікага посту, з Амерыкі дайшлі яшчэ некаторыя звесткі пра бацюшку і ягоную сям’ю. Хаця да гэтага часу амаль шэсць гадоў было поўнае маўчанне, нягледзячы на запытанні у розныя структуры Рускай Замежнай Царквы. Менавіта да юрысдыкцыі РПЦЗ належыў а. Іаан Сабалеўскі. Дык вось, першым адгукнуўся Аляксандр Гурэвіч, кіраўнік праекта “Рэлігійная дзейнасць Рускага Замежжа”. Ён даў некалькі спасылак, дзе гаворыцца пра дзейнасць святара Іаана Сабалеўскага у ЗША.

На старонцы храма Святога вялікапакутніка Георгія ў штаце Агайа (г. Цынцынаці) ёсць некалькі радочкаў, у якіх сказана, што а. Іаан быў заснавальнікам гэтай царквы ў сярэдзіне 40-х гадоў. Вельмі добры водгук на самадданае служэнне а. Іаана і многіх другіх святараоў і дыяканаў рускага замежжа даў архіепіскап Нікан (Ркліцкі). Ён піша:

“За гэтыя 25 год (час ад пачатку царкоўнай дзейнасці ў Амерыцы з 1946 года) мы дружна працавалі з нашым самаадданым духавенствам, якое, зберагаючы царкоўную праўду, выбрал шлях на нашы незапяспечаныя і неўладкаваныя прыходы, чым уступаць у сумнеўную юрысдыкцыю. Многія з гэтых святароў служаць і дагэтуль, некаторыя з іх памерлі, дажыўшы да 90 і нават звыш 100 гадоў, а некаторыя адышлі да Госпада ў росквіце сваіх сіл, падарваных рэвалюцыйнымі ўмовамі жыцця. Яны з’явіліся рэўнаснымі і самаадданымі служыцелямі Божымі і хай узнагародзіць іх Гасподзь за ўсю іх працу і скрухі, якія яны перанеслі і пераносяць ва ўмовах бежанскага жыцця на чужыне.”

Праз некаторы час прыйшло яшчэ адно пісьмо з Амерыкі, фотаздымкамі магілы а. Іаана і кароткай нататкай з газеты пра смерць гэтага святара. Працытыю яе поўнасцю:

“Выпушчаны па стане здароўя, святар перавёз сваю сям'ю ў Англію. Спадарыня Сабалеўская пераехала ў ЗША разам са сваім мужам 15 гадоў таму. Яны пражывалі сумесна з спадаром Бельскім і яго жонкай. Яго сын і другая дачка на дадзены момант жывуць у Буэнас Айрэс, кажа спадар Бельскі. Падчас яго знаходжання ў Цынцынаці, яго прападобіе спадар Сабалеўскі аказваў дапамогу прыблізна 50 сем'ям у Цынцынаці, Даутоне і Калумбусе, калі прыязджаў у кожны горад па чарзе, каб праводзіць праваслаўныя службы. У адпаведнасці з выяўленым жаданнем яго пахаваюць у Джорданвилле, Н.Й. Смерць яго прападобнасці спадара Сабалеўскага (75) наступіла ў нядзелю, калі ён ехаў на аўтобусе з Цынцынаці ў Калюмбус, праводзіць вячэрняе богаслужэнне для членаў рускай праваслаўнай царквы, а пасля і літургію і біблескія чытанні. Яго прападобіе спадар Сабалеўскі, кіраўнік рускай праваслаўнай абшчыны Цынцынаці, Даутона і Калумбусе пераехаў у Цынцынаці ў 1951 з Англіі, куды ён пераехаў пасля заключэння рускімі ў раннія гады Другой Сусветнай вайны. Пазней ён служыў у якасці святара ў Польскай Арміі, калі яна вяла кампанію на Блізкім Усходзе.

Стэфан Бельскі, 5708 Ридж Авеню, яго зяць, з якім пражывалі святар і яго жонка, з сумам абагульніў: «Я праводзіў яго да аўтобуса сёння раніцай .... А цяпер ён адыйшоў». Адміністрацыя горада Калюмбус пацвярджае, што святар памёр праз натуральныя прычыны і што ён згас незадоўга да ўезду аўтобуса ў горад. Спадар Бельскі паўтарыў, што яго цесць быў пасаджаны ў турму рускімі, калі Чырвоная Армія ўварвалася ў Польшчу ўвосень 1939. Ён быў прысуджаны да 10 гадоў катаржных работ і правёў больш за 18 месяцаў у Сібіры. Пазней ён служыў святаром у Польскай Арміі, якая ваявала ў Іране. Гэта адбывалася на працягу перыяду яго ўз'яднання з жонкай і сынам.”

Трэба адзначыць, што ў Англію а. Іаан мог трапіць толькі праз “армію Андэрса”. Менавіта гэтая армія была складзена з былых польскіх ваеннапалонных і вязняў гулагаўскіх лагероў. Згодна з польскімі дадзенымі іх агульная колькасьць складала каля 400 тыс. чалавек. У залежнасці ад сацыяльнага статусу й характару знаходжання іх магчыма падзяліць на дзве асноўныя катэгорыі: 1) польскія ваеннапалонныя, якія знаходзіліся ў савецкіх працоўных лягерах з верасьня 1939 г.; 2) цывільныя жыхары Заходняй Беларусі й Заходняй Украіны, дэпартаваныя органамі НКУС зь лютага 1940 г. па чэрвень 1941 г. на "спэцпасяленьні" ў глыбіню СССР. Дзякуючы намаганням Англіскага Ўраду, Польскага кіраўніцтва на чале з Ўладзіславам Сікорскім і самога генерала Уладзіслава Андэрса і удалося дабіцца вывядзення вялікай колькасці ваенных і грамадзянскіх людзей у Іран. Такім чынам, на працягу двух этапаў эвакуацыі (24 сакавіка - 4 красавіка й 5-25 жніўня 1942 г.) у Іран было выведзена 75488 вайскоўцаў і 37765 цывільных асобаў. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі польскага камандаваньня беларусы сярод эвакуаваных вайскоўцаў складалі 1397 чалавек. Аднак, насамрэч іх колькасьць была значна большая й складала ня менш 6-8 тыс. эвакуаваных. Сярод гэтых людзей быў і а. Іаан Сабалеўскі. Толькі наўрад ці а. Іаан быў тады святаром. Сасланы у лагер ён быў у сане дыякана. У Амерыцы ён ужо выконвае святарскія абавязкі.

Пакуль невядома, дзе, калі і кім быў пасвечаны ў святары а. Іаан. Але тое, што ён быў сумленным і самаадданым да канца свайго жыцця – не вызывае ніякага сумнення. Дарэчы, сведкі лунінчан з Амерыкі дакладныя. А. Іаан памёр 10 верасня 1966 года. Яго жонка -матушка Вольга – перажыла свайго мужа на 30 год і памерла на 100-м годзе свайго жыцця. Пахаваны яны на могілках у Джоданвілі. Плануем, дасць Бог, і далей шукаць звесткі пра слаўнага сына Палесся, вернага Божага слугу і пастыра протаіерэя Іаана Сабалеўскага.

Вечная яму памяць!