istoki

“Залатое кола” паломніцкай паездкі аб’яднала мясціны, гістарычна злучаныя з Дзятлавіцкім праваслаўным манастыром, які ў XVII-XVIII стагоддзях лічыўся самым багатым у Мінскай епархіі. У чарговы раз наш край наведалі пінчане – клірык Свята-Варварынскага храма протаіерэй Сергій Рабой і ўдзельнікі клуба “Благавест” Пінскай цэнтральнай бібліятэкі на чале з Таццянай Баговіч.

А для лунінчан экскурсію “Святыні малой радзімы” арганізавала метадыст ВМК раённага аддзела па адукацыі Марына Грушэўская пры садзейнічанні гарадской арганізацыйнай структуры ДТСААФ (удзячны за падтрымку старшыні Пятру Рудовічу). Аб’яднаўшыся з гасцямі, па раёне вандравалі педагогі лунінецкіх СШ №1 і №2, бібліятэкары каледжаў, ветэраны працы ДШМ і органаў пагранічнай службы.

У Лахве настаяцель храма Нараджэння Багародзіцы протаіерэй Валерый Скрабец адслужыў малебен на пачатак добрай справы, нагадаў аб мучаніках Макавеях – сямі братах, маці і настаўніку іх. Яны прынялі пакутніцкую смерць, але не здрадзілі веры бацькоў. Святыя жылі ў ІІ стагоддзі да Нараджэння Хрыстова, шануюцца ў так званы Мядовы Спас. А былое мястэчка вядома дынастыяй Плышэўскіх, двое прадстаўнікоў якой сталі свяшчэннамучанікамі ў ХХ стагоддзі.

Тады ж быў праслаўлены і святы Іаан Панкратовіч (+1937), які ў 1910-ым служыў у Язвінках і ўзвёў новы будынак Спаса-Прэабражэнскага храма. Імя новамучаніка аднавіў протаіерэй Сергій Чыж, ушанаваўшы памяць аднаго з папярэдніх настаяцелей іконай і мемарыяльнай дошкай. Сцежка да храма ўражвае камянямі з Божымі Запаведзямі, кожны з якіх цяпер упрыгожаны кветкамі.

Вічынскі Свята-Троіцкі храм прыцягвае фактам, што яго наведваў свяціцель Дзімітрый, мітрапаліт Растоўскі (1651-1709), падарыўшы ікону Божай Маці. Ці здолеем аднавіць хаця б назву абраза? Аб гэтым марыць настаяцель іерэй Васілій Мартынаў, радуючыся і таму, што ў новы будынак, узведзены ў 1996-ым замест разбуранага, перададзены дзве старажытныя іконы. Ушанавалі памяць былога свяшчэнніка Фёдара Пуцько (1946-2018) – бацюшка ўзвёў не толькі храм, але і Крыж у памяць царственных страстацерпцаў, якіх згубілі 100 год таму…

Імя свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага звязана з прапаведаннем у Дзятлавіцкім Нова-Пячэрскім Спаса-Прэабражэнскім праваслаўным мужчынскім манастыры. Аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння з’яўляецца тэрыторыя, на якой калісьці была размешчана абіцель. Свае ўладанні яна мела таксама ў Лунінцы і Лахве. Манастырская драўляная царква была разбурана ў атэістычны час, але на яе месцы ўзведзены цагляны Спаса-Прэабражэнскі храм. Разам з настаяцелем протаіерэем Васіліем Кушнерам ушанавалі памяць манахаў, што перапахаваны на пагосце. Сярод іх – епіскап Беларусі і архімандрыт Слуцкі Феадосій

Васілевіч, які памёр у 1678 годзе, а магчыма – і фундатар абіцелі Канстанцін Далмат...

Манастыр прынёс святло пісьменнасці і культуры ў наш край. У сучаснасці багацце мясцовай спадчыны захоўвае Дзятлавіцкі СДК. Яго кіраўнікі Алена і Мікалай Яскевічы разам з аўтэнтычным гуртам “Вытокі” сталі героямі фільма “Фальклор старажытнай Еўропы”, які здымалі дакументалісты ЗША. У падарунак паломнікам у жывым выкананні прагучалі некалькі песень, занатаваных у кінастужцы, адзначанай прызамі на шэрагу прэстыжных фестывалей.

Усеагульнае захапленне выклікала наведванне Свята-Нікольскага храма ў Кажан-Гарадку – нельга было мінуць жамчужыну палескага дойлідства ў яе 200-гадовы юбілей. Царкоўны стараста Мікалай Грыцкевіч цікава распавядаў аб асаблівасцях будаўніцтва і архітэктурнага аздаблення, святых абразах. Старшыня Гарадоцкага сельвыканкама Іван Зубко пазнаёміў паломнікаў са Свята-Сіманаўскай капліцай, старажытнымі дубамі на былой панскай сядзібе.

Падарожжа па святынях краю завяршылася ў храме іконы Божай Маці “Взыскание погибших” у Лунінцы. Настаяцель протаіерэй Сергій Крышталь падзяліўся ўспамінамі аб сапраўдных цудах, якімі суправаджалася ўзвядзенне новай царквы. Сімвалічна, што ўяздная арка паўтарае малюнак брамы Кіева-Пячэрскай лаўры. А менавіта да яе больш як два стагоддзі быў прыпісаны Дзятлавіцкі манастыр, падкрэсліўшы гэта ў сваёй назве словазлучэннем Нова-Пячэрскі…

НАТХНЯЕ СТАРАЖЫТНАЯ АБІЦЕЛЬ… НАТХНЯЕ СТАРАЖЫТНАЯ АБІЦЕЛЬ… НАТХНЯЕ СТАРАЖЫТНАЯ АБІЦЕЛЬ… НАТХНЯЕ СТАРАЖЫТНАЯ АБІЦЕЛЬ… НАТХНЯЕ СТАРАЖЫТНАЯ АБІЦЕЛЬ… НАТХНЯЕ СТАРАЖЫТНАЯ АБІЦЕЛЬ…